Полоцкая епархия Православие.by
Памяці а. Мікалая Рунды

12.03.2012
http://mijory.by/ryeligiya/2210-pamyati-o-nikolaya-rundy.html
Кружыць лёгкі, чысты, асляпляльны сваёй белізною снег. Здаецца, ён засыпае беспрытульнасць і журбу, дорыць надзею на нешта значнае і светлае ў нашым жыцці. Напамінае, як казаў святар Мікалай Васільевіч Рунда, што жыць трэба годна, сумленна, па праўдзе. Вышэйшая воля ашчаслівіла цябе нечаканай радасцю - магчымасцю прыйсці ў гэты белы свет.
Падаў бялюткі сняжок і 21 лютага мінулага года, калі пасля працяглай хваробы на 90-ым годзе жыцця перастала біцца сэрца былога благачыннага Міёрскай акругі, протаіерэя Мікалая Васільевіча Рунды. Першая мая сустрэча са святаром адбылася ў 1987 годзе ў вёсцы Грыгаравічы, куды ў мясцовую царкву прыехаў Мікалай Васільевіч. Быў летні дзянёк.
Святар босы хадзіў па двары, карміў курэй. Пазнаёміліся. З першай сустрэчы Мікалай Васільевіч запомніўся цікавым субяседнікам, які шмат пабачыў у жыцці, перажыў многае. У наступныя гады наша знаёмства набыло новыя фарбы. У 1990-ым святар узначаліў праваслаўную рэлігійную абшчыну райцэнтра. Па яго ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле быў адноўлены Міёрскі праваслаўны рэлігійны прыход, а праз два гады пабудавана царква.

М. В. Рунда нярэдка заходзіў у рэдакцыю, прыносіў гасцінцы, любіў пасядзець з кубачкам гарбаты, пагутарыць. Размовы вяліся розныя. Святар паўтараў: чалавек, які жыве без Бога, падобны зрэзанай кветцы ў вазе. Лічыў, што скаціцца ў зло вельмі проста - дастаткова расслабіцца, бруд сам прыліпне. Каб ачысціць і ўмацаваць нашы душы, ёсць важныя царкоўныя таінствы - споведзь і прычасце. Канешне, каяцца можна і па-за сценамі храма, сам-насам. Але менавіта ў царкве пакаянне набывае паўнату і эфектыўнасць. А святар, які прымае споведзь, - з’яўляецца памочнікам і сведкай перад Богам.

У размовах Мікалай Васільевіч вяртаўся ў гады дзяцінства. Нарадзіўся ён у вёсцы Навінцы Мікалаёўскага сельсавета. Старэйшыя жыхары добра памятаюць яго. У сям’і будучага святара было сямёра дзяцей: 5 братоў і 2 сястрычкі. Бацька патрабаваў, каб кожны вучыўся карыснай справе. Па гэтай прычыне Мікалай асвоіў кравецкую справу, стаў добрым закройшчыкам.

Што да святарскай дзейнасці, то выбар быў поўнасцю асэнсаваны. У пэўнай ступені прысвяціць сябе служэнню Богу Мікалай Васільевіч вырашыў у ваенны перыяд. У нашых мясцінах быў даволі моцны партызанскі рух. Мікалай Васільевіч у партызанах шыў, рамантаваў адзенне. У час блакады мог загінуць, але застаўся ў жывых. Лясныя салдаты хаваліся на балоце “Ельня”. Немцы ішлі ланцугом, схаваўшыхся забівалі штыкамі. У такіх складаных абставінах святар паабяцаў у выпадку свайго выратавання прысвяціць жыц-цё служэнню Богу. І як ён сам гаварыў, здарыўся цуд: немцы прайшлі побач і не заўважылі.

Пасля вайны Мікалай Васільевіч паступае ў Жыровіцкую семінарыю, а да гэтага служыў псаломшчыкам у Дзісенскай і Чэраскай цэрквах.
Са з’яўленнем царквы ў Міёрах, здаецца, той куточак прылеглай гарадской тэрыторыі змяніўся. Ён добраўпарадкаваны. Прыгожая альтанка, рукатворны вадаём, клумбы з кветкамі - усё прываблівае позірк. Мікалай Васільевіч многае зрабіў сам. Дарэчы, пры ўзвядзенні царквы выконваў сталярныя работы. Наогул, пра такіх людзей кажуць: майстра на ўсе рукі.

У свой час Мікалай Васільевіч скончыў у Маскве двухгадовыя курсы ігры на баяне. Яму падуладны гэты інструмент, а таксама арган, які калісьці выкарыстоўваўся ў Віцебскім касцёле. Палічылі ўстарэлым і непрыгодным, а ва ўмелых руках святара ён ажыў.
Успомнілася размова са святаром пра пакаянне, па-грэчаску - метанойя, што азначае “перамена розуму”. Сапраўднае пакаянне суправаджаецца прызнаннем схаванай праўды пра сябе, жаданнем перарадзіцца да лепшага, пазбавіцца грахоў, змагацца з імі. Асабліва цяжка даводзіцца людзям, якія прыйшлі ў царкву ўжо ў сталым узросце. За плячыма ў многіх - цяжкі груз грахоў. Святар быў перакананы, што іх не трэба баяцца, а трэба пачынаць ад іх вызваляцца. Сам шлях вызвалення душы ад грахоў прыносіць вялікую радасць. Задача святара дапамагчы чалавеку на гэтым шляху.

А далей усё залежыць ад душэўнага таленту чалавека. Пакаянне павінна ісці ад сэрца. Нельга проста механічна прымяняць спавядальныя формулы, трэба, як казаў святар, каб «само палілося». Не павінна быць самаапраўдання і перакладвання віны на іншых людзей і на абставіны жыцця. Некаторыя памылкова лічаць, што чым мацней чалавека захлістваюць эмоцыі - тым мацнейшае пакаянне. Гэта не так. Ні ў якім разе нельга штучна выклікаць у сабе пакаянныя пачуцці, «накручваць» псіхіку - гэта прывядзе да істэрыкі і нервовых узрушэнняў, а карысці не прынясе.
Вялікую работу правяла праваслаўная царква і непасрэдна святар М. В. Рунда ў сувязі са святкаваннем 2000-годдзя хрысціянства. Запомніліся ўрачыстасці ў Лявонпалі, якія мелі шырокі рэзананс і па-за межамі раёна. Мікалай Васільевіч актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі дабрачыннай дзейнасці, аказваў дапамогу адзінокім і састарэлым, мнагадзетным сем’ям, займаўся выхаваўчай работай сярод веруючых. Ён праявіў сябе як адданы справе чалавек, да апошняга захоўваў энергічнасць, бадзёрасць, вялікую працаздольнасць і аптымізм. Дзякуючы яго намаганням у 2001-ым узведзены храм у вёсцы Пестуны. На тэрыторыі раёна паставіў 5 паклонных крыжоў. Заўсёды ўмеў знаходзіць паразуменне з насельніцтвам, у тым ліку каталіцкага веравызнання і іх святарамі. Вызначаўся гасціннасцю. Запрашаў да сябе ў дом, дзе яго жонка Ніна Браніславаўна частавала аладкамі, іншымі прысмакамі, а ў час пастоў святар прапаноўваў паспрабаваць посныя стравы з бобу, фасолі.

Служэнне Мікалая Васільевіча Рунды праваслаўнай царкве і людзям, Айчыне адзначана шматлікімі царкоўнымі ўзнагародамі і юбілейнымі медалямі, падзякай ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Напісаны гэтыя радкі, і быццам адбылася чарговая сустрэча са святаром.

Л. КАСАТЫ.